Руйнаваньне касьцёла ў Зэмбіне??

Ну што, узяліся-такі за касьцёлы? У навінах зьявіліся зьвесткі пра заплянаваны знос рэшткаў каталіцкага храма ў вёсцы Зэльва (Барысаўскі раён). Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі быў пабудаваны ў 1809 годзе й афіцыйна зьяўляецца помнікам архітэктуры ў стылі барока. То бок, па заканадаўстве павінен захоўвацца як належыць, а любая шкода да яго - злачынства. Гэта калі ўвогуле не казаць пра сьвятое мейсца й астатнія відавочныя любому хрысьціяніну рэчы.

Гэта калі-небудзь спынецца? Чаму не Гальшанскі замак ці руіны ў Крэва для разнастайнасьці? Эмоцыі й абурэньне выдаленыя цэнзурай.

UPDATED (23 траўня)! Ура! Касьцёл будзе захаваны. Пляны па руйнаваньню скасаваныя.






Фота - з radzima.org, pomniki.budzma.org, wikipedia.org.

Крыніца: naviny.by/rubrics/society/2011/05/19/ic_news_116_368222

Каменка, касьцёл Сьв. Антонія Падуанскага (Білорусь)

Лунна, касьцёл Сьв. Ганны (Білорусь)

На зваротным шляху з Гародні мы наведалі Лунна - мястэчка з касьцёлам Сьвятое Ганны 1782 года. У мястэчку таксама захаваліся цікавыя старыя дамы пабудовы XIX-XX ст.



Лунна, касьцёл Сьв. Ганны



Лунна, касьцёл Сьв. Ганны,
2 траўня 2011 г.

Паблізу: Горадня, лямус | Горадня, Лютэранская кірха | Горадня, рознае | Шчучын, вежа з гадзіньнікам | Ражанка, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла | Лядск (Ляцк), касьцёл Сьв. Станіслава | Васілішкі, касьцёл Яна Хрысьціцеля | Старыя Васілішкі, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла | Мураванка, абарончая царква

Лядзк (Лядск), касьцёл Сьв. Станіслава (Білорусь)

Нягледзячы на тое, што ва ўсім сеціве гэтае мейсца зафіксаванае як Лядск (Лядзк), на шыльдах ўказальнікаў напісаны іншы назоў - "Ляцк", які па правілах беларускае артаграфіі ёсьць ня зусім карэктным.



Лядзк (Лядск), касьцёл Сьв. Станіслава

Мясцовы касьцёл Сьвятога Станіслава нагадаў мне Старыя Васілішкі - дзе фундамэнт таксама стаіць на каменьнях зь імёнамі. Сытуацыя тая-ж: шмат дзе прозьвішчы ледзьве захаваліся. Але больш за ўсё мяне ўразілі сьляды ад выбухаў і стрэлаў, якімі касьцёл пакрыты з усіх бакоў.

Не магу ўжо ўзгадаць дзе, але я чытаў, што побач ішлі моцныя бойкі - і таму сьляды апошняе вайны дагэтуль засталіся на сьценах. Насамрэч, покі ходзіш вакол яго, гэта пакідае вялікае ўражаньне. Нейкі бесьсьвядомы страх і хваляваньне.



Лядзк (Лядск), касьцёл Сьв. Станіслава,
1 траўня 2011 р.

А покі я маўкліва думаў пра тое, якія выпрабаваньні зазнаў гэты храм, побач у полі павольна гуляў белы аіст. Як сымбаль зусім іншага часа. І іншай рэчаіснасьці.

Паблізу: Шчучын, вежа з гадзіньнікам | Ражанка, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла | Васілішкі, касьцёл Яна Хрысьціцеля | Старыя Васілішкі, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла | Мураванка, абарончая царква | Горадня, лямус | Горадня, Лютэранская кірха | Горадня, рознае

Ішкальдзь, касьцёл Сьвятой Тройцы 1449 г. (Білорусь)

--Расповед пра турыстычныя ўказальнікі альбо як мы шукалі найстарэйшы касьцёл у Беларусі

Ці шмат вы ведаеце храмаў у Беларусі, якія былі пабудаваныя больш за 500 гадоў таму, дайшлі да нашых дзён і ніяк не перабудоўваліся? Нават унікальная Каложа 1183 года, што ў Горадні, захавалася, нажаль, толькі напалову.. Таму касьцёл 1449-1472 гадоў, старадаўні, старасьвецкі (!), у аўтэнтычным выглядзе, мусіць быць для любой усходне-эўрапэйскай краіны вялікай архітэктурнай каштоўнасьцю.

Прыкладна так думаў я сёньня, калі ехаў шукаць сапраўдны гатычны касьцёл у мястэчку Ішкалдзь, пабудаваны шчэ за 20 гадоў да адкрыцьця Амэрыкі (!!!). Менавіта так, вам не пачулася. Калі Калюмбус дасягнуў амэрыканскіх берагоў і шукаў адзінае мовы зь індыянцамі, недалёк ад Міра й Нясьвіжа ўжо роўна 20 гадоў стаяў прыгожы абарончы касьцёл. Вось гэты:



Ішкальдзь, касьцёл Сьвятой Тройцы 1449-1472 г.

Пабудаваны на невялічкім узвышшы, на мейсцы даўняга паганскага капішча, ён чамусьці дагэтуль ня ўнесены ў сьпіс каштоўнасьцяў ЮНЭСКА. Нават не разумею, чаму! Ён-жа захаваўся як належыць. А ці ведаеце, як гэты касьцёл перажыў савецкую ўладу?.. Калі прыязджалі бульдозеры, кабеты зь дзецьмі кідаліся пад колы. Уявіце сабе, панове.. Па некалькі чалавек.

І вось, праязджаючы вялічэзнага зубра па шашы Менск-Берасьце, мы пільна сачылі за ўказальнікамі, каб пабачыць альбо Ішкалдзь, або Петкавічы (што побач), ці хіба Сноў, у які мы таксама зьбіраліся сёньня. Але калі мы даехалі да дарогі, што ідзе колам назад у Мір, стала відавочна, што ўказальнік мы праехалі. Але ці быў ён?..

Карацей, мы тройчы (!) праехалі туды й сюды паміж Астроўкамі й Петкавічамі, але ніводнага ўказальніка ня было ня тое што на ўнікальны сярэднявечны касьцёл, а нават на зьезд да вядомага кожнаму беларусу сьмятанна-малочнага горада Сноў!

Урэшце мы зразумелі, што дарога пад мастом мае быць той, што нам патрэбна. Але да яе ня было ні ніякіх зьездаў, ні ўказальнікаў. Тая сьцежачка з калдобінамі для джыпаў, што ледзь-ледзь была відна перад Петкавічамі нават дарогай было цяжка назваць. Туды мы нават не рызыкнулі сунуцца.

Указальнік мы-такі знайшлі. На іншай дарозе. Якая йшла паралельна. І на якую мы патрапілі заўдзякі таму, што дома я крыху вывучаў атачэньне па Google Maps. Але, рэзюмэ.. З галоўнай шашы намя ніякіх указальнікаў ані на Петкавічы/Ішкалдзь, ані на шчэ вялікшы Сноў! Жах і толькі.

Цікава, што на Мураванку/Мажэйкава е ня толькі звычайныя ўказальнікі, але й турыстычныя - бо гэта-ж каштоўнасьць, амаль унесеная ў фонд ЮНЭСКА. Як і Мірскі замак, Нясьвіскі й так далей. Нават на Васілішкі вяла міжнароджная турыстычная шыльдачка. Але дарогу да найстарэйшага касьцёла Беларусі, які ЦУДАМ дайшоў да нас у аўтэнтычным выглядзе, трэба добра пашукаць.

Мабыць, таму ён і захаваўся дагэтуль - унікальны для Беларусі абарончы гатычны храм, схаваны ад усіх людзей у невялічкай вёсачцы.



Ішкальдзь (Ішкалдзь), касьцёл Сьвятой Тройцы,
9 траўня 2011 г.
(с) Алексей Хижняк

Побач: Мір, касьцёл Сьв. Мікалая | Нясьвіж, гравюра | Любча, замак Радзівілаў | Навагрудак, замкавая гара | Рубяжэвічы, касьцёл Сьв. Юзафа

Ражанка, касьцёл Сьв. Апосталаў Пятра й Паўла (Білорусь)

Нягледзячы на свае невялічкія памеры, на мой погляд, гэта адзін з самых прыгожых касьцёлаў на Беларусі. 1827 год пабудовы (першапачаткова - 1674 г.). Ад касьцёла некалі йшоў дзьвюхкілямэтровы падземны ход да палаца Пацаў, герб якіх можна заўважыць на касьцёле.

А заўтра, хутчэй за ўсё, мы паедзем шукаць найстарэйшы касьцёл Беларусі, які захаваў свой першапачатковы выгляд. Хто здагадаецца, які? =)



Ражанка, касьцёл Сьв. Апосталаў Пятра й Паўла,
1 траўня 2011 р.

Паблізу: Шчучын, вежа з гадзіньнікам | Васілішкі, касьцёл Яна Хрысьціцеля | Старыя Васілішкі, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла | Мураванка, абарончая царква | Ліда, замак Гедыміна | Горадня, лямус | Горадня, Лютэранская кірха | Горадня, рознае

Шчучын (Білорусь), вежа з гадзіньнікам і гісторыі пра рэстарацыі)

Падчас пошукаў ежы ў Шчучыне вельмі хутка выявілася, што супрацоўнікі рэстарацый тут дужа своеасаблівыя. =) Але спачатку мы сфоткалі вежу з гадзіньнікам, што першапачаткова была ўсталяваная тут на пачатку XX стагодзьдзя. Як кажуць, вежа была разбураная ў '60-х гадох, але ў 2007-м яе адбудавалі наноў.



Шчучын, вежа з гадзіньнікам, 1 траўня 2011 р.

Калі апэтыт паклікаў шчэ мацней, мы пачалі шукаць кавярню. Паўсюль сьвяткаваліся вясельлі, таму гэта было ня проста. Тады а 16:58 мы дайшлі да гатэлю Элен, допіс на якім сьведчыў, што тут таксама е рэстарацыя. Зайшоўшы да памяшканьня са столікамі, я запытваюся ў чатырох "цёценяк", якія там гутарылі між сабоў:

- Кавярня працуе? - на што мне адказваюць:
- Кавярня - за крамай, ззаду, але яна адчыняецца а пятае гадзіны!

То бок, роўна празь дзьве хвіліны. Выдатна! Мы сумленна абыходзім Элен з крамай з боку - і назіраем там... пусты агарод. Тэлефаную знаёмаму па дапамогу. Але ён тлумачыць, што кавярня павінна быць у гатэлі, а "цёценькі", хутчэй за ўсё, пажартавалі. Шыкоўны гумар.

Нумар два. Запыталіся тады ў людзей, дзе можна паабедаць, на што нам параілі кавярню "Стары горад". Знайсьці ейную шыльдачку на плошчы было ня так проста, але вось урэшце мы й тут. Падыходжу да адміністратаркі, пытаюся:

- Скажыце, калі ласка, што ў вас паесьці можна?
- Вам паабедаць?..
- Так, - адказваю.

Яна пачынае хутка-хутка штосьці лічыць на калькулятары.

- Добра. Сядайце. Зараз прынясу. З вас 22 тысячы!
- Дык а мэню?.. - пытаюся я.
- У нас няма мэню!
- Як гэта? Як тады выбраць, што есьці?
- Ёсьць толькі мяса, бульба фры й салат Аліўе або з агародніны. Будзеце салат?
- Буду, - адказваю. Пачынае клацкаць па калькулятары шчэ актыўней::
- Тады з вас 26 тысячаў, - кажа і раптам убегла на кухню!
- Дык я-ж шчэ нічога ня выбраў і не сказаў, які салат! =)) - спрабую крычаць ёй усьлед.

Вяртаецца праз хвіліну. І зноўку пачынае штосьці падлічваць на калькулятары. =))) Кажу, што мне салат з агароднінай.

- Салата з агародніны няма, але засталася адна тамацінка, якую можам вам парэзаць. Будзеце?
- Буду, - кажу. =)

Карацей, празь некалькі падобных дыялёгаў урэшце-рэшт дамовіліся, каму што й у якой колькасьці - і яна скончыла свае падлікі. =) Было нават смачна. Хіба што шкодная бульба фры, а не нармалёвы гарнір.


Паблізу: Васілішкі, касьцёл Яна Хрысьціцеля | Старыя Васілішкі, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла | Мураванка, абарончая царква | Ліда, замак Гедыміна | Горадня, лямус | Горадня, Лютэранская кірха | Горадня, рознае

Старыя Васілішкі, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла (Білорусь)

Шмат хто ведае Старыя Васілішкі як радзіму Чэслава Немэна - але, нажаль, калі мы там былі, усё было зачынена. Таму ўнутр касьцёла патрапіць ня было мажлівасьці - і мэмарыяльную дошку на гонар вядомага польскага сьпявака не сфатаграфавалі. Прабачце, друзі-мэляманы. Аднак шчэ болей шкада, што не пабачылі цікавыя алтары ў выглядзе сталяктытаў. =(((

Таму фота касьцёла 1903 года пабудовы - толькі звонку. (Дзесьці справа, усяго ў пары кілямэтраў - новыя Васілішкі.) Дарэчы, фундамэнт касьцёла мейсьціцца на камянёх зь імёнамі тых, хто ахвяраваў на будаўніцтва. За савецкім часам гэтыя ймёны былі замазаныя і некалькі дзесяцігодзьдзяў былі схаваныя пад цэмэнтам.

У Старых Васілішках у нас ужо прачнуўся апэтыт, таму празь некалькі хвілінаў мы накіраваліся ў бок Шчучына - шчэ далей на захад.



Старыя Васілішкі, касьцёл Сьв. Пятра й Паўла,
1 траўня 2011 г.

Паблізу: Васілішкі, касьцёл Яна Хрысьціцеля | Мураванка, абарончая царква XVI ст. | Ліда, замак Гедыміна

Васілішкі, касьцёл Яна Хрысьціцеля (Білорусь)

Да касьцёла ў Васілішках мы дабраліся акурат на пачатак сьвятое імшы. Служба пачалася са сьпеваў адной з манахіняў - і мы некалькі хвілінаў сядзелі, ня маючы моцу адарвацца ад гэтых прыгожых мэлёдыяў. Як і ў Ліпнішках, на імшу тут прыходзіць шмат людзей усіх узростаў.

Першы драўляны касьцёл зьявіўся тут у 1489 годзе - шчэ за часамі ВКЛ - але быў зруйнаваны ў 1655 г. падчас вайны Расеі й Рэчпаспаліты. Аднак праз тры гады сьвятарская дзейнасьць была адноўленая - тут быў заснаваны кляштар. У 1769 годзе ўзьнік ужо цэгляны касьцёл, што на фота.

Вакол храма сапраўды прыгожа - апроч плябаніі, побач зроблены цікавы парк з рознымі брамамі, басэйнам, кветкамі й іншымі "малымі архітэктурнымі формамі". Гэта, канешне, не Гервяты, але шпацыруеш там усё роўна ў нейкім захапленьні. Насамрэч, панове й паненкі, вялікая павага да тых людзей, якія робяць такую прыгажосьць. Будзеце ехаць да Мураванкі - завітайце абавязкова й сюды.



Васілішкі, касьцёл Яна Хрысьціцеля,
1 траўня 2011 р.

Паблізу: Мураванка | Ліда, замак Гедыміна | Ліпнішкі: касьцёл Сьв. Казіміра | Іўе, млын і касьцёл | Дуды, касьцёл Панны Марыі